Базіліка Унебаўзяцця Дзевы Марыі (Страгаў)
Каталіцкі храм | |
Базіліка Унебаўзяцця Дзевы Марыі | |
---|---|
Bazilika Nanebevzetí Panny Marie | |
| |
50°05′11″ пн. ш. 14°23′21″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Чэхія |
Горад | Прага |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Архідыяцэзія Прагі |
Ордэнская прыналежнасць | Ордэн прэманстрантаў |
Тып будынка | Базіліка |
Архітэктурны стыль | Раманскі стыль, барока |
Заснавальнік |
князь Уладзіслаў II, епіскап Індржых Здзік |
Дата заснавання | 1143—1147 |
Статус | Кляштарны і прыхадскі касцёл, малая базіліка |
Стан | Дзеючы |
Сайт | strahovskyklaster.cz/ind… |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Базіліка Унебаўзяцця Дзевы Марыі (чэшск.: Bazilika Nanebevzetí Panny Marie) — каталіцкі кляштарны і прыхадскі касцёл пры Страгаўскім кляштары прэманстрантаў у Градчанах (Прага), заснаваны князем чэшскім Уладзіславам II адначасова са Страгаўскім абацтвам. З 6 лістапада 1991 года мае тытул малой базілікі. У архітэктурным абліччы захаваліся пераважна элементы стылю барока
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узвядзенне касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі звязана з заснаваннем на Страгаўскім узгорку прэманстранцкага кляштара ў 1143 годзе. Кляштар быў закладзены князем чэшскім Уладзіславам II (будучым каралём Уладзіславам I) па ініцыятыве біскупа оламаўцкага Індржыха Здзіка. У 1150 годзе ў касцёле быў пахаваны біскуп Індржых Здзік, затым жонка караля Уладзіслава I Гертруда фон Бабенберг (пам. у 1150 годзе, пасля перапахавана ў Доксанскім кляштары), а ў 1176 годзе ў храме быў перапахаваны і сам кароль Уладзіслаў. Нягледзячы на гістарычныя сведчанні, пры археалагічных даследаваннях у храме іх пахаванні знойдзены не былі[1][2][3].
Каменны храм Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў форме раманскай трохнефнай базілікі даўжынёй 56 метраў і шырынёй 22 метры з трансептам і дзвюма прызматычнымі вежамі быў узведзены імаверна ў 1149 годзе (прынамсі, у гэты год ужо былі пабудаваны хоры). Стараннямі страгаўскага абата Войцеха (1176—1208) хоры храма былі павышаны, і 25 красавіка 1182 года іх асвяціў архібіскуп зальцбургскі Адальберт (Войцех) III, трэці сын караля Уладзіслава I. У тым жа годзе ў храме быў пахаваны біскуп оламаўцкі Дзетлеб[4][5][6].
Перад пажарам 1258 года страгаўскі касцёл лічыўся адным з чатырох галоўных храмаў Чэшскага каралеўства нароўні з саборам Святога Віта, касцёлам Святых Пятра і Паўла і храмам Бржэўнаўскага кляштара. У 1258—1263 гадах у выніку рэканструкцыі, праведзенай абатам Янам I пасля пажару, касцёл набыў гатычны выгляд, які захоўваўся на працягу некалькіх наступных стагоддзяў. Плоская драўляная столь была заменены на скляпенні, а да паўночнага бакавога нефа была прыбудавана гатычная капэла Святой Урсулы. Касцёл перажыў не толькі страшны пажар 1258 года, але і гусіцкія войны XV стагоддзя, якія суправаджаліся спусташэннем каталіцкіх храмаў, аднак праведзеныя ў 1950-х гадах археалагічныя даследаванні не выявілі слядоў разбурэння касцёла ў гэтыя перыяды[4][5][2][7].
У пачатку XIV стагоддзя храм быў разрабаваны наймітамі караля Генрыха Харутанскага. Пры каралі Яне Люксембургскім абат Герард (1307—1321/3) зрабіў рамонт і абнаўленне храма і прыбудаваў да яго дзве капэлы — Святога Эрхарда і Святых Анёлаў. 8 мая 1420 года гусіты разрабавалі і спалілі касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі разам з усім кляштаром, частцы манахаў удалося ўцячы, частка была перабіта. Набажэнствы ў страгаўскім касцёле аднавіліся толькі пры новым абаце Льве з Букшіцаў (1436—1445), аднак паступовае аднаўленне храма і кляштара пачалося толькі пры абаце Яне IV (1454—1470). 24 верасня 1486 года храм ізноў быў разрабаваны ўзбунтаваным і ўзброеным натоўпам[8].
Да пачатку XVII стагоддзя храм прыйшоў у поўны заняпад. У звычайным стане была толькі капэла Святой Урсулы, у якой вяла набажэнства малая абшчына прэманстрантаў. У 1601—1605 гадах пры абаце Яне X Логеле (1586—1612) страгаўскі касцёл быў адноўлены і рэканструяваны ў рэнесансным стылі пад кіраўніцтвам, хутчэй за ўсё, італьянскага архітэктара Басі дэ Кампіёнэ[4][2][5][9].
Барочны выгляд храм набыў пасля рэканструкцыі, праведзенай пры пераемніку Яна Логела — абаце Каспары фон Квестэнбергу (1612—1640). Пры ім жа ў 1627 годзе ў кляштарны храм былі перанесены з Магдэбурга мошчы заснавальніка ордэна прэманстрантаў Святога Нарберта Ксантэнскага, быў пашыраны трансэпт, а памер базілікі павялічыўся ў заходнім кірунку. У 1630 годзе быў створаны новы фасад храма. Ян Логел, які быў ужо архібіскупам пражскім, пасля сваёй смерці ў 1622 годзе быў пахаваны перад галоўным алтаром страгаўскага храма[4][2][10][11].
У 1742 годзе базіліка была значна пашкоджана ў выніку французскіх абстрэлаў і бамбардзіровак, пасля чаго яе фасад быў рэканструяваны ў стылі позняга барока ў адпаведнасці з праектам Ансельма Лурага і А. Гафенекера. Скульптуры на фасадзе касцёла былі выкананы Янам Антанінам Квітайнерам. Барочны выгляд набыў і інтэр’ер храма: сілезскі мастак Вілем Нойнгерц 1743 годзе распісаў картушы ўздоўж сцен галоўнага нефа фрэскамі са сцэнамі з жыцця Святога Нарберта, а скляпенні храма — фрэскамі на марыянскія тэмы, аўтарам мастацкай тынкоўкі быў Ян Паліярдзі, галоўны алтар і 10 бакавых алтароў у 1768—1769 гадах стварыў пражскі каменячос Ёсеф Лаўэрман, а скульптуры алтароў стварылі Ігнац Платцэр (галоўны алтар) і Я. А. Квітайнер (бакавыя алтары). Большасць алтарных абразоў былі напісаны Леапольдам Вільманам, Ксаверам Балкам і Сіярдам Носецкім[4][2].
У 1774 годзе на хорах храма былі ўсталяваны арганы. У канцы XVIII — XIX стагоддзях на арганах храма ігралі такія вядомыя арганісты, як Ян Кршцітал Кухарж і Роберт Фюрэр, а ў 1787 годзе на храмавых арганах імправізаваў Вольфганг Амадэй Моцарт. У 1900 годзе старыя арганы былі заменены на новыя[4][2].
6 лістапада 1991 года Папа Рымскі Ян Павел II дараваў храму тытул малой базілікі. Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі 1—2 лютага 1992 года[12][2].
Алтарная апсіда і вежы базілікі |
Базіліка Унебаўзяцця Дзевы Марыі пасярод Страгаўскага кляштара |
Статуя ягня на галоўным фасадзе базілікі | Галоўны фасад базілікі |
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Храм Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Страгаўскім кляштары за сваю амаль дзевяцісотгадовую гісторыю некалькі разоў перабудоўваўся, таму ў яго цяперашнім абліччы можна знайсці сляды розных архітэктурных стыляў. Храм пабудаваны ў выглядзе трохнефнай раманскай базілікі з плоскім барочным скляпеннем і трыма аднолькавымі апсідамі ва ўсходнім ускрайку. Трансепт базілікі паводле свайго стылю з’яўляецца гатычным, а прэзбітэрый — рэнесансным. Дзве высокія храмавыя вежы прыкметна дамінуюць на наваколлямі, тым больш, што сам кляштар і храм знаходзяцца на ўзвышшы Страгаўскага ўзгорка. Даўжыня базілікі складае 63 метра, шырыня — 10, а вышыня — 16[2][4].
Галоўны алтар у апсідзе базілікі быў выраблены з мармуру Ёсефам Лаўэрманам, ён упрыгожаны рэльефам са сцэнай Унебаўзяцця Дзевы Марыі і статуямі Святога Аўгусціна, Святога Нарберта Ксантэнскага і Святога Германа Іосіфа Штэйнфельдскага. У паўднёвай частцы хора знаходзіцца сімвалічны надмагільны камень караля Уладзіслава I, рэшткі якога былі пахаваны ў храме, аднак дакладнае месца пахавання было забыта. На паўднёвым боку хора знаходзіцца надмагільны камень архібіскупа пражскага Яна III Логела (1549—1622), былога страгаўскага абата. Пад хорам знаходзяцца грабніцы страгаўскіх абатаў і манахаў. Сам хор аддзелены ад нефа мармуровай канструкцыяй[4].
У калонах галоўнага нефа, якія аддзяляць яго ад бакавых нефаў, размяшчаюцца 10 бакавых алтароў, прысвечаных Нараджэнню Божаму, Сэрцу Божаму, Святому Яну Непамуцкаму, Святой Марыі Магдаліне, Звароту Апостала Паўла, Святому Марціну, Святой Ганне, Святому Аўгусціну, Чэшскім Заступнікам і Наведзінам Дзевы Марыі[4].
У паўднёвым нефе з XIV стагоддзя знаходзілася гатычная капэла Святых Анёлаў, якую па заказе генералісімуса Альбрэхта Вальдштэйна (пам. 1634) перабудавалі ў барочную капэлу Дзевы Марыі Пасаўскай для пахавання ў ёй рэйхсмаршала Готфрыда Папенгейма і пляменніка Вальдштэйна Бертольда, якія загінулі ў бітве пры Лютцэне ў 1632 годзе. Пад капэлай знаходзіцца грабніца Папенгейма і пусты склеп, у якім у свой час павінен быў быць пахаваны сам Альбрэхт Вальдштэйна. На барочным алтары знаходзіцца копія абраза Дзевы Марыі Пасаўскай, а столь капэлы ўпрыгожвае фрэска працы Сіярда Носецкага са сцэнамі бітвы пры Лютцэне[2][4].
На процілеглым боку храма, у паўночным нефе, знаходзіцца першапачаткова гатычная капэла Святой Урсулы, у якой знаходзяцца алтар Святога Нарберта з мошчамі гэтага святога і алтар Святой Урсулы і яе спадарожніц з мошчамі некаторых з іх, якія храм атрымаў ад кёльнскага архібіскупа Конрада ў 1256 годзе. Пасля таго як у 1873 годзе ў капэлу Святой Урсулы былі перанесены мошчы Святога Нарберта, капэла была пераасвечана ў гонар гэтага святога[4][2][10].
Заходні бок базілікі завершаны хорамі, на якіх знаходзяцца ўсталяваныя ў 1774 годзе арганы[4].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Královská kanonie premonstrátů na Strahově.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Базилика Вознесения Девы Марии на Страгове.
- ↑ František Ekert 1883, s. 118—119.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Strahovský kostel, 2007.
- ↑ а б в Umělecko-historický popis.
- ↑ František Ekert 1883, s. 119.
- ↑ František Ekert 1883, s. 121.
- ↑ František Ekert 1883, s. 120—123.
- ↑ František Ekert 1883, s. 123—124.
- ↑ а б Přenesení ostatků sv. Norberta z Magdeburku na Strahov, 2008.
- ↑ František Ekert 1883, s. 125—126.
- ↑ Bazilika Nanebevzetí Panny Marie . gcatholic.org. Праверана 6 студзеня 2015.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ekert, František. Posvátná místa král. hl. města Prahy. Dějiny a popsání chrámů, kaplí, posvátných soch, klášterů i jiných pomníků katolické víry a nábožnosti v hlavním městě království Českého. — Praha: Dědictví sv. Jana Nepomuckého, 1883. — Т. I. — S. 116—142. Архівавана 4 сакавіка 2016.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Базіліка Унебаўзяцця Дзевы Марыі на Страгаве . Афіцыйны турыстычны партал сталічнага горада Прага. Pražská informační služba. Праверана 4 студзеня 2015.
- Královská kanonie premonstrátů na Strahově . Strahovský klášter. Праверана 7 студзеня 2015.
- Přenesení ostatků sv. Norberta z Magdeburku na Strahov(недаступная спасылка). Strahovský klášter (25 красавіка 2008). Праверана 7 студзеня 2015.
- Strahovský kostel . Strahovský klášter (11 снежня 2007). Праверана 7 студзеня 2015.
- Umělecko-historický popis . Strahovský klášter. Праверана 7 студзеня 2015.